Літаратурнае падарожжа "1.1.1"

23.06.2018 08:00
23.06.2018 22:00

“1.1.1” – штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

У год малой радзімы з добрай кампаніяй творчых людзей — пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў і артыстаў — мы зноў вяртаемся да вытокаў. Нас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна — ва Ушачах, Васіля Быкава — у Бычках, Петруся Броўкі — у Пуцілкавічах.

Накіроўваючыся на поўнач Беларусі цэлым аўтобусам, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны — урадлівай на паэтаў і мастакоў зямлі, — мы атрымаем задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.

Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, з ласкі яго ўдавы Валянціны зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.
Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны прыстанак народны паэт. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе самога Р.Барадуліна ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.
У вёсцы Бычкі, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў, нас чакае прыемная сустрэча са сваяком пісьменніка Мікалаем Хараком, які наглядае за Сядзібай-музеем Васіля Быкава. Мы прыедзем не з пустымі рукамі — прывязём у мемарыяльнае месца мемарыяльны прадмет, — стул, на якім любіў сядзець бацька пісьменніка — Уладзімір Хведаравіч.

Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі – Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з адным з нямногіх яе жыхароў – Міхаілам Сысом, які зараз кіруе Хатай-музеем Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, якія зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку, паслухаем спевы, патаньчым.

Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефонах:
(017) 226-09-81; (029) 338-88-23
Ці праз нашыя сацыяльныя сеткі:
facebook.com/museum.brovka
vk.com/museum_brovka
Кошт – 15 руб. Пры падрыхтоўцы і чытанні вершаў П.Броўкі і Р.Барадуліна, а таксама ўрыўкаў з прозы В.Быкава — 10 руб.
ДЭДЛАЙН падачы заявак — 22 чэрвеня!