Фондавая пятніца: «Лудаш Мацьі»

У 1804 годзе венгерскі паэт Міхай Фазекаш (1766–1828) піша паэму “Лудаш Мацьі”, у аснову якой ляглі народныя венгерскія казкі. Мацьі – хлопчык, які супрацьстаіць сквапнаму тырану-памешчыку Дэбрэгі і ратуе ад яго гусей. На пачатку гісторыі ён спрабуе прадаць сваіх гусей на рынку. Мясцовы граф заяўляе, што гусі належаць яму, і загадвае сваім слугам пакараць Мацьі ўдарамі бізуном па спіне. Мацьі дае клятву адпомсціць: ён сам тройчы пакарае графа бізунамі. Сваю клятву ён выконвае праз тры гады, скарыстаўшыся будаўніцтвам новага замка для Дэбрэгі. Пасля Мацьі перасяляецца ў іншую мясцовасць, дзе пакаранне яго не насцігне.

На пачатку ХХ ст., натхніўшыся паэмай, скульптар Люкс Элек (1884–1941) стварае аднайменны твор “Лудаш Мацьі” ў выглядзе хлопчыка з гусём. Пазней парцалянавая копія гэтай скульптуры была выраблена фабрыкай “Herend”.

Парцалянавая фабрыка “Herend” заснавана ў 1826 годзе ў Венгрыі ў аднайменным горадзе. З 1843 года “Herend” выпускала выключна прадметы раскошы. Асаблівасць яе вырабаў у тым, што яны ствараюцца ўручную і ўяўляюць сабою сапраўдныя творы мастацтва. Фабрыка была прыдворным пастаўшчыком сям’і Габсбургаў, сервізы раскуплялі арыстакраты Венгрыі і іншых краін. Першым тытулаваным кліентам стаў імператар Аўстра-Венгрыі Франц Іосіф. Парцалян “Herend” таксама замаўлялі імператары Расіі Аляксандр II і Мікалай II, нямецкі імператар Вільгельм I, кароль Англіі Эдуард VII і інш. У перыяд з 1851 па 1937 год фабрыка атрымала 24 узнагароды на разнастайных выставах па ўсім свеце. У пачатку 1948 года вытворчасць была нацыяналізавана. У 1950-я гады “Herend” спрабавала зарыентавацца на масавую прадукцыю. Тэхналогія не зведала значных змен: фармоўка і размалёўка вырабаў ажыццяўляліся ўручную, а вось апрацоўка масы рабілася машынным спосабам. Абапіраючыся на традыцыі, майстры выраблялі новыя сервізы, малую пластыку, дэкаратыўныя вырабы. Але, пачынаючы з 1960-х гадоў, вытворчасць парцаляну зноў была накіравана на выпуск малых серый на экспарт. Да святкавання 175-годдзя ў 2001 годзе “Herend” атрымала прэмію “Спадчына Венгрыі” за ўклад у развіццё венгерскай культуры.

Зараз прадукцыя “Herend” прысутнічае ў музейных і прыватных калекцыях. У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі таксама захоўваецца адна з парцалянавых статуэтак “Лудаш Мацьі”. Найбольш верагодна, Пятрусь Броўка прывёз яе ў 1955 годзе, калі прымаў удзел у Месячніку венгера-савецкага сяброўства ў Венгрыі.

280