Сумная дата ...

Сумная дата…

80 гадоў…

 9 чэрвеня 1942 года ўсе яўрэі, якія знаходзіліся ў Івянецкім гета, былі раніцай прыгнаны ў лес і забіты ля прыгатаванага рова з кулямётаў — 600 старых і 200 дзяцей. Забойства працягвалася з 04.00 да 11.00 раніцы.

З гісторыі. Немцы акупавалі Івянец на працягу 3-х гадоў - з 25 чэрвеня 1941 года да 6 ліпеня 1944 года. Ужо ўлетку 1941 года, з мэтай кантролю за выкананнем сваіх загадаў і арганізацыі прымусовых прац, прымусілі габрэяў Івянца арганізаваць юдэнрат. Пад страхам смерці яўрэям было загадана нашыць на адзенне шасціканцовыя зоркі.

10 лістапада 1941 года нацысты, рэалізуючы гітлераўскую праграму знішчэння яўрэяў, сагналі  яўрэяў — у большасці старых, жанчын і дзяцей, — у гета, абмежаванае вуліцамі Школьнай, Млынавай і ракой. У гета таксама трапілі і яўрэі з бліжэйшых мястэчак — з Камяня, Налібакаў, Дзераўнога і Рубяжэвічаў.

У красавіку 1942 года немцы сабралі 120 самых працаздольных габрэйскіх мужчын. Майстроў-спецыялістаў пешшу дэпартавалі ў Навагрудскае гета, а астатніх у якасці чорнарабочых адправілі ў распараджэнне арганізацыі Тодта ў Дварэц. Па дарозе многія загінулі ад голаду і знясілення, а частка была застрэлена канваірамі.

1 чэрвеня 1942 года вязняў гета ва ўзросце ад 15 да 55 гадоў сагналі ў памяшканне польскай казармы, збілі і, пратрымаўшы пад замком усю ноч, адправілі пешшу ў Любчу і далей цягніком у Навагрудак.

У лесе каля Івянца на брацкай магіле габрэяў Івянецкага гета, забітых нацыстамі, узведзены мемарыял. Кожны год 9 чэрвеня івянчане ўшаноўваюць памяць загінулых, ускладаюць кветкі, запальваюць знічы.

562