Ноч музеяў — 2022 «Сакральны шэпт»

У Маладзечне зладзілі Ноч музеяў

Зашыфраваць сваё імя з дапамогай беларускага арнаменту. Навучыцца ткаць дыван, граць на гуслях і танцаваць. Праверыць свае веды па гісторыі роднага краю. Нашаптаць жаданні ў гліняны гаршчок. Даведацца, як стваралася кніга пра вясковую магію. Усё гэта і нават больш было магчыма на Ночы музеяў ў Маладзечне 18 мая.

Пачыналася ўсё з беларускіх танцаў на ганку Мінскага абласнога краязнаўчага музея, дзе да ўдзельнікаў этнаграфічнага клуба “Кола” далучаліся ўсе ахвотныя. У фае пілі зёлкавую гарбату, плялі вянкі, рабілі закладку для кніг у тэхніцы ткацтва, ператваралі сваё імя ў арнамент. А граць на гуслях вучыў вядомы музыка Алесь Чумакоў.

Ён жа спевамі пад старажытны інструмент пачаў прэзентацыю кнігі “Шэпт” нашага земляка, краязнаўцы, журналіста і фатографа Сяргея Лескеця. Падчас прэзентацыі Сяргей расказаў наведнікам, як стваралася кніга пра вясковую магію і шаптух.

Наведнікаў, многія з якіх ужо прачыталі кнігу, цікавіла, ці могуць шаптаць мужчыны, якія цяжкасці былі ў працэсе напісання і зносін з людзьмі, ці пераняў ад знахарак нейкія здольнасці сам Сяргей. Пасля прэзентацыі ахвотныя маглі атрымаць аўтограф.

Потым наведнікі падзівіліся на беларускія рушнікі і нават паспрабавалі сябе ў ткацтве. Тыя, хто трапіў на выставу керамікі, даведаліся, што калі ў маленькі гліняны гаршчок насыпаць збожжа і нашаптаць сваё жаданне, то яно спраўдзіцца. А яшчэ можна было паспрабаваць зрабіць выцінанку.

Мерапрыемства скончылася гістарычнай віктарынай і Ваджэннем Куста – абрадам, які ладзілі нашы продкі на свята Сёмухі. Таму дадому мы прынеслі галінкі вясновай зеляніны.

586