«ГАРАЧЫ» СНЕЖАНЬ У ЛЮБАНСКІМ МУЗЕІ НАРОДНАЙ СЛАВЫ

Па праўдзе кажучы, мы і не думалі, што выстава дыназаўраў, якая зараз размешчана ў Любанскім музеі народнай славы, будзе выклікаць такую цікаўнасць у мясцовай дзетвары. Аднак жа выклікае! Хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць, каб паглядзець на экзатычных мезазойскіх жывёлін, і разам з бацькамі, і цэлымі класамі. Аказваецца, дыназаўры – апошні піск дзіцячай моды. Тут табе і мноства захапляючых мульцікаў, і добры стос кінематаграфічных блокбастараў пра юрскі перыяд, і незлічоная колькасць цацак у выглядзе старажытных траваядных або драпежных яшчараў. Адным словам – угадалі! З пачатку снежня выставу наведалі 83 дарослых і 253 юных жыхароў раёна, па экспазіцыі прведзена 15 экскурсій.

“Гарачыні” ў рабочую атмасферу ўстановы надаюць і музейныя ўрокі па тэме “Першыя жыхары края і іх заняткі” - яшчэ адна магчымасць для дзетвары здзейсніць падарожжа ў глыбіню гісторыі Любаншчыны і нашай краіны ў цэлым, пазнаёміцца з багатай музейнай калекцыяй археалагічных помнікаў, даведацца пра жыццё далёкіх продкаў. У снежні такіх урокаў адбылося ўжо семнаццаць, на іх пабывала 167 чацвёртакласнікаў. Так-так, музей даўно распрацаваў праграму музейных краязнаўчых урокаў, якія з’яўляюцца дадаткам да  падручніка  4 класа “Мая Радзіма – Беларусь”.

Надзвычай папулярнай стала і часовая экспазіцыя “І тчэ забыўшыся рука”, што размешчана ў музеі народных промыслаў і рамёстваў. У экспазіцыі прадстаўлены  вырабы ткацтва пачатку-сярэдзіны дваццатага стагоддзя з музейнай этнаграфічнай калекцыі. Па экспазіцыі ўжо праведзена васемнаццаць экскурсій, яе наведала 410 чалавек.

А снежань яшчэ не скончыўся…

680