Музей для дваіх

14.02.2018

Пакуль вы не паспелі адагрэцца ад бязснежнага снежня і наладзіцца на працу пасля зімовых святаў, Літаратурны музей Петруся Броўкі аб'яўляе самую цёплую штогадовую акцыю да Дня ўсіх закаханых “Музей для дваіх”.

14 лютага Літаратурны музей Петруся Броўкі будзе працаваць толькі для двух асоб, двух закаханых, якія атрымаюць магчымасць правесці вечар у цёплым куточку, у сэрцы сталіцы, асяродку літаратуры і мастацтва. Шчасліўцы ў незвычайных абставінах дакрануцца да патаемнага у жыцці і творчасці Петруся Броўкі, апынуцца ў атмасферы шчырасці і цеплыні, калі вячэрні горад адкрыецца з іншага ракурсу, а фірменная гарбата "Пахне чабор" сагрэе ў лютаўскую непагадзь.

Умовы для ўдзелу ў конкурсе:

  • зрабіць літаратурна-рамантычны фотаздымак, падпісаўшы яго радком з верша Петруся Броўкі,
  • даслаць фотаздымак на адрас museum_brovka@tut.by, або ў суполкі vk.com/museum_brovka ці facebook.com/museum.brovka,
  • пазначыць кантакты і імёны ўдзельнікаў для далейшай сувязі.

Пераможцы вызначацца 12 лютага і атрымаюць магчымасць правесці самы незвычайны рамантычны вечар у цэнтры горада за кубачкам гарбаты з салодкім пачастункам. Адным з падарункаў пераможцам будзе фотасесія ў мемарыяльных пакоях літаратурнага музея. А яшчэ больш рамантыкі нададуць “лампавая” атмасфера, мяккія пледы, лагоднае святло свечак і жывая музыка ў цёплым літаратурным асяроддзі.


Музей для дваіх